Улетку 2003 г. часопіс “Шахматы” быў зарэгістраваны. У тым жа годзе “Белсаюздрук” узяўся яго распаўсюджваць, “Белпошта” уключыла ў падпісны каталог. З таго часу “Шахматы” выходзілі штоквартальна, як і прадугледжвалася пасведчаннем аб рэгістрацыі. Аднак увосень 2008 г. яны былі выкінутыя з каталога, а з кіёскаў “Саюздруку” – яшчэ раней. Першы нумар за 2009 г. на час напісання гэтых радкоў (красавік 2009 г.) не ўбачыў свету. “Няма грошай” – сказаў мне прадстаўнік Беларускай федэрацыі шахмат, якая ў 2007 г. стала сузаснавальнікам выдання поруч з дзяржаўным выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” (“АіВ”). Дзяжурная “адмазка” у даным выпадку вымагае дадатковых тлумачэнняў.
У ліпені 2003 г. на 48 старонках выйшаў № 1 “Шахмат”. У верасні 2003 г. аўтар гэтых радкоў быў зволены з пасады “галоўнага рэдактара” (бяру ў двукоссе, таму што фактычна не меў належных паўнамоцтваў і сталага працоўнага месца; нават інтэрв’ю “Народнай волі” 23.08.2003, паводле версіі начальства, няможна было даваць без дазволу).
Альтэрнатыўнай кандыдатуры на тую пасаду адміністрацыя “АіВ” не мела, кантактаў у шахматных колах – таксама, а № 2 выпусціць хацелася, каб не папракнулі міністэрскія чыноўнікі. Выдавецтва звярнулася ў БФШ, ды тагачасны намеснік старшыні, гросмайстар Віктар Купрэйчык, адхіліў “спакуслівую” прапанову рэдактарства. У кастрычніку 2003 г. “АіВ” усё ж ангажаваў чалавека з вопытам працы ў федэрацыі і спартыўных выданнях – міжнароднага майстра Дзмітрыя Навіцкага. Ён і рэдагаваў часопіс у наступныя 5 гадоў, а паралельна займаўся спярша сайтам БФШ chess.by, потым – шахматнай рубрыкай у “Спортивной панораме”. Прывёў у рэдакцыю трэнера Рыгора Хаюціна, спартыўную журналістку Вольгу Герасімовіч.
Напэўна, прызначэнне сп. Навіцкага было не найгоршым з варыянтаў, але… Ужо ў пачатку 2004 г. з рэдакцыйнай калегіі “валявым рашэннем” былі выведзены прафесіяналы – трэнеры, практыкі і шахматныя кампазітары: Сцяпан Давыдзюк, Сяргей Карчыцкі, Дзмітрый Лыбін, Генадзь Рабчонак, Уладзімір Сычоў. Натуральна, ніхто з іх у 2004-2008 гг. ужо не прагнуў друкавацца ў “Шахматах”. З першага складу рэдкалегіі, сфармаванага ўвесну 2003 г., застаўся адзін Абрам Ройзман. Некалькі гадоў памочнікамі Дз. Навіцкага ў часопісе былі толькі названыя Ройзман і Хаюцін, мінскі трэнер Генадзь Лібаў ды яшчэ “адказны сакратар В. Л. Аксёнаў” (“палітрук” ад дырэктара “АіВ”). Cкора выявілася, што такім складам паўнавартаснае выданне рабіць было немагчыма. Ці то з-за недахопу аўтараў, ці з якіх іншых прычын сп. Навіцкі ішоў на непапулярныя крокі: у прыватнасці, почасту друкаваў у нумары некалькі (3-5 з 10-12) артыкулаў за сваім подпісам. Зазвычай гэта былі агляды міжнародных турніраў, пабудаваныя на матэрыялах расійскіх інтэрнэт-сайтаў.
Сярэдні наклад “Шахмат” сягаў 600 асобнікаў у 2003 г. і ўпаў да 400 у 2004 г. Пазней былі нумары, што выходзілі накладам 300 асобнікаў – дый той наклад не ўвесь даходзіў да чытачоў. “Аддзел маркетынгу” у “АіВ” дзейнічаў – калі гэтае слова тут дарэчнае – як нармальны аддзел нармальнай дзяржаўнай установы. Рэкламны плакацік у РЦАПе на К. Маркса, 10 у 2004 г. правісеў усяго пару месяцаў. У канцы 2005 г. перастае абнаўляцца старонка на aiv.by, дзе ў 2003-2005 гг. размяшчаліся звесткі пра “Шахматы”. Члены рэдкалегіі таксама не спяшаліся раскручваць часопіс – хаця б праз іншыя СМІ, з якімі супрацоўнічалі. Дзіва што ў газеце “ЛіМ” 11.08.2006 дырэктар “АіВ” Супрановіч наракаў на стратнасць выдання. Праўда, зазначыў: “колькасць чытачоў павялічваецца… Напрыклад, на часопіс “Шахматы” ў Расіі падпісалася каля 130 чытачоў”.
Здавалася, што пасля набыцця федэрацыяй правоў заснавальніка ў канцы 2007 г. сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. Тады сама шэф БФШ Іваноў абяцаў, што чытачоў “Шахмат” чакаюць прыемныя сюрпрызы. Наклад № 2 за 2008 г. дасягнуў аж 525 ас. – дзякуючы таму, што БФШ выкупіла большую яго частку. Але ўвосень 2008 г. вялікі прадпрымальнік Іваноў, нягледзячы на злеплены яму перадвыбарны імідж друга шахматыстаў і простых людзей, “праляцеў” міма Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ – і неўзабаве падаў у адстаўку з пасады старшыні БФШ. Ясна, што ў першым квартале 2009 г. федэрацыя была больш занятая пошукамі новага старшыні з пульхным партманетам, чым падрыхтоўкай часопіса. Ясна і тое, што другому заснавальніку – рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – надакучыла ўкладваць уласныя сродкі ў непрыбытковы праект.
Дужа шкада, што ў мінулую “пяцігодку” – перыяд эканамічнага росту ў Беларусі і Расіі, калі ў Мінску, сярод іншага, ладзіўся пышны міжнародны шахматны турнір (“Інаўтамаркет-оўпэн”) – сямі нянькам не ўдалося паставіць на ногі адно дзіця. Зараз “Шахматы”, кажучы медыцынскай мовай, знаходзяцца ў коме. Пры ўсіх ранейшых “памылках лячэння”, стан гэты абарачальны. Пакуль, аднак, складаецца ўражанне, што заснавальнікі і члены рэдкалегіі “Шахмат” унікаюць адказнасці і не гатовыя да “інтэнсіўнай тэрапіі”. Падобна, сёлета краіна з амаль 10-мільённым насельніцтвам, сотнямі рэйтынгавых ігракоў і тысячамі аматараў шахмат зноўку застанецца без афіцыйна зарэгістраванага перыядычнага шахматнага выдання. Добры падарунак да запланаванага на 2009-2010 гг. адкрыцця шахматнай спецыялізацыі ў Акадэміі фізвыхавання, няма чаго казаць.
У 1990 г., калі зачыняліся “Шахматы, шашки в БССР”, у апошнім выпуску рэдакцыя ўскладала адказнасць за крах свайго дзецішча на “партыйна-адміністратыўны апарат” – тады гэта было модна. Цікава, якую прычыну нядбайныя кіраўнікі прыдумаюць гэтым разам – няўжо “сусветны фінансавы крызіс”? Дарэчы, у не самай заможнай Венгрыі, дзе насельнікаў блізу столькі, колькі ў нас, выходзяць два шахматныя часопісы на венгерскай: “Magyar Sakkvilag” і “Sakkfutar”. Нават у Арменіі, дзе ў тры разы менш насельнікаў, ёсць шахматны перыёдык (“Shakhmatayin Hayastan” – у перакладзе з мовы Араняна “Шахматная Арменія”).
Уладзімір (Вольф) Рубінчык, першы рэдактар часопіса “Шахматы”, г. Мінск.
14.04.2009
З аўтарам можна скантактавацца праз e-mail: rubinczyk[at]yahoo.com.
Комментарии
Ну вот, стоило мне написать
Вс, 19/04/2009 - 23:24 — vinogradoffНу вот, стоило мне написать интервью с Анандом, так журнал даже и не вышел
Интервью вышло :)
Пн, 20/04/2009 - 21:36 — dmchessИнтервью вышло