Мне ўжо даводзілася пісаць, што гісторыя шахмат Беларусі стракаціць прагаламі. Калі верыць сайту БФШ chess.by, то другой чэмпіёнкай БССР была Шамес, якая выйграла першынство ў 1939 г. адразу пасля Дунер (1928 г.). Можна толькі развесці рукамі з тае нагоды, што версію пра Шамес як другую чэмпіёнку распрапагандаваў А. Я. Ройзман – у часопісе «Шахматы» (№ 3, 2005) і ў газеце «Народная воля» (17.02.2009).
У зборніку «Шахматисты Белоруссии» (Мінск, 1972) сам Ройзман пісаў пра 1937-ы год: «В женском чемпионате [БССР] того же года сильнейшей оказалась молодая шахматистка Т. Некрасова (Минск)». (c. 12). Але насамрэч другое першынство БССР сярод жанчын адбылося не ў 1937 г., а на пяцігодку раней, і выйграла яго не Шамес і не Някрасава з Менска, а Мееровіч з Бабруйска – зямлячка А. Ройзмана...